Дапамога Украіне ў барацьбе з Расеяй перадухіляе агрэсію супраць Эўразьвязу. Пра гэта прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў 2 чэрвеня на адкрыцьці сустрэчы лідэраў «Бухарэсцкай дзявяткі» і NATO ў Вільні.
«Спытайце вашу выведку, што Расея плянуе гэтым летам у Беларусі. Калі расейцы дастаткова сьмелыя, каб рыхтаваць атакі адтуль, то нам трэба больш сілы разам, каб мы маглі спыніць гэту вайну і перадухіліць яе распаўсюджваньне», — сказаў ён.
Прэзыдэнт Украіны зазначыў, што калі Расея фізычна слабейшая, зь ёй будзе лягчэй весьці дыпляматыю. Паводле Зяленскага, Украіна на гэтым этапе вайны сама вырабляе да 40% неабходнай для абароны зброі, але для гэтага неабходна стабільнае фінансаваньне, у тым ліку — з боку партнэраў.
Кіраўнік дзяржавы згадаў посьпех апэрацыі «Павуціна», у выніку якой, паводле Службы бясьпекі Украіны, было пашкоджана больш як 40 расейскіх ваенных самалётаў. Украіна здольная да моцных тактычных рашэньняў, адзначыў ён.
«Нашы апэрацыі паказваюць, наколькі важнымі могуць быць інвэстыцыі, асабліва ў бесьпілётныя лятальныя апараты. І нам па-ранейшаму тэрмінова патрэбны авіяцыя, сыстэмы Patriot і асабліва ракеты для іх. Кожны з вас ведае, што нам трэба і што вы можаце зрабіць, каб дапамагчы», — рэзюмаваў Зяленскі.
Пра тое, што Расея «нешта рыхтуе гэтым летам у Беларусі», Зяленскі раней заяўляў 29 красавіка на саміце Трымор’я.
«Паглядзіце на Беларусь — гэтым летам Расея рыхтуе там нешта, прыкрываючыся вайсковымі вучэньнямі. Менавіта так звычайна пачынаюцца яе новыя атакі. Але куды гэтым разам? Я не ведаю. Украіна? Літва? Польшча? Ня дай бог! Але мы ўсе павінны быць гатовыя», — сказаў ён.
На тым жа саміце Сьвятлана Ціханоўская выступіла супраць ператварэньня Беларусі ў ваенны пляцдарм Расеі
Форум