Праблема
Згодна з дадзенымі Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, у 2021 годзе ў сьвеце жылі 57 мільёнаў чалавек з дэмэнцыяй, прычым жанчын яна закранула ў большай ступені. Аднак, хоць рызыка дэмэнцыі павялічваецца з узростам, экспэрты даўно падкрэсьліваюць, што яна не зьяўляецца непазьбежным складнікам старэньня, піша The Guardian.
«У маладзейшых пакаленьняў радзей разьвіваецца дэмэнцыя ў тым самым веку, што ў й іх бацькоў ці дзядуляў з бабулямі, і гэта — абнадзейлівы знак», — кажа доктарка Сабрына Ленцэн, суаўтарка дасьледаваньня з Цэнтру бізнэсу й эканомікі здароўя пры Ўнівэрсытэце Квінслэнду.
Аднак яна дадае: «Агульная нагрузка ад дэмэнцыі ўсё роўна будзе расьці па меры старэньня насельніцтва, і застаюцца значныя няроўнасьці — асабліва паводле полу, адукацыі і геаграфіі».
Мэтад
Аўстралійскія дасьледчыкі прааналізавалі дадзеныя 62 437 чалавек ва ўзросьце 70 гадоў і болей, сабраныя з трох доўгатэрміновых апытаньняў у ЗША, Англіі й частках Эўропы, і апублікавалі вынікі ў часопісе Jama Network Open.
Альгарытм улічваў розныя паказьнікі: ад цяжкасьцяў удзельнікаў у вырашэньні паўсядзённых справаў да вынікаў кагнітыўных тэстаў — каб вызначыць верагоднасьць дэмэнцыі.
Удзельнікаў падзялілі на некалькі груп паводле двух крытэраў: пакаленьне і ўзрост. Выявілася, што распаўсюджанасьць дэмэнцыі павялічваецца з узростам ва ўсіх пакаленьнях і ва ўсіх трох рэгіёнах — ЗША, Вялікабрытаніі і Эўропе. Аднак у пэўным узросьце людзі з больш позьніх пакаленьняў мелі меншую імавернасьць дэмэнцыі.
«Напрыклад, у ЗША сярод людзей ва ўзросьце 81–85 гадоў, 25,1% тых, хто нарадзіўся ў 1890–1913 гадах, мелі дэмэнцыю, у параўнаньні з 15,5% сярод тых, хто нарадзіўся ў 1939–1943 гадах», — сказала Ленцэн, дадаўшы, што падобныя тэндэнцыі назіраліся і ў Эўропе й Англіі.
Вынікі
Тэндэнцыя была больш заўважная ў жанчын, асабліва ў Эўропе й Англіі, што навукоўцы тлумачаць, сярод іншага, пашырэньнем доступу да адукацыі для жанчын у сярэдзіне XX стагодзьдзя.
«Колькасьць людзей з дэмэнцыяй усё яшчэ расьце з прычыны старэньня насельніцтва, але гэтае дасьледаваньне дадае добрых навінаў: маладзейшыя пакаленьні маюць меншую рызыку ў параўнаньні з папярэднімі», — сказала прафэсарка Тара Спайрс-Джоўнз, дырэктарка Цэнтру навукі пра мозг у Эдынбурскім унівэрсытэце.
Прычыны
Хоць дасьледаваньне не вывучала прычыны зьмяншэньня выпадкаў дэмэнцыі, Спайрс-Джоўнз адзначыла, што на гэта магло паўплываць шмат чыньнікаў. «Гэта, верагодна, зьвязана з такімі мерамі, як абавязковая адукацыя, забарона на курэньне, посьпехі ў лячэньні хваробаў, такіх як сардэчна-сасудзістыя, дыябэт і страта слыху, якія зьвязаныя з рызыкай дэмэнцыі», — сказала яна.
Дэйвід Томас, кіраўнік аддзелу палітыкі й грамадзкіх сувязяў у «Alzheimer’s Research UK», адзначыў, што каля паловы выпадкаў дэмэнцыі можна было б прадухіліць або адтэрмінаваць, калі б узьдзейнічаць на 14 ключавых фактараў рызыкі — ад курэньня да якасьці паветра. «Таму арганізацыя „Alzheimer’s Research UK“ заклікае ўрады распрацаваць стратэгію прадухіленьня хваробаў, у тым ліку й рызыкі дэмэнцыі», — сказаў ён.
Форум