Урад Літвы ўзгадніў 4 чэрвеня папраўкі ў заканадаўства, якія дазваляюць уводзіць эканамічныя абмежаваньні супраць Беларусі і Расеі нават калі эўрапейскія санкцыі будуць спыненыя.
З такой ініцыятывай выступіла Міністэрства замежных спраў Літвы. Вільня хоча пакінуць за сабой магчымасьць прымаць самастойныя рашэньні аб санкцыях у выпадку калі іх працяг улетку 2025 году заблякуе Вугоршчына.
Як заяўляла дарадца прэзыдэнта Літвы па замежнай палітыцы Аста Скайсгірытэ, да «рэгіянальных санкцый» супраць Расеі пры гэтым могуць далучыцца краіны Балтыі, Польшча, а таксама, магчыма, Фінляндыя і іншыя краіны Паўночнай Эўропы.
Паводле міністра замежных спраў Літвы Кястуціса Будрыса, «было б нядрэнна дасягнуць хоць бы рэгіянальнага пагадненьня паміж краінамі, якія мяжуюць з Расеяй і Беларусьсю, каб заблякаваць увоз тавараў у ЭЗ па сушы».
Апошні раз Эўразьвяз уводзіў санкцыі супраць Беларусі 27 сакавіка — тады пад іх трапілі 25 фізычных і 7 юрыдычных асоб.
17 красавіка Сейм Літвы падоўжыў яшчэ на год — да 2 траўня 2026 — дзеяньне закона пра нацыянальныя санкцыі ў дачыненьні да грамадзян Беларусі і Расеі, адхіліўшы пры гэтым прапанову кансэрватараў зраўняць абмежавальныя меры для беларусаў з тымі, што ўведзеныя для расіян.
Вугоршчына застаецца адзінай краінай Эўразьвязу, якая падтрымлівае рэгулярныя публічныя кантакты зь Менскам. Як сябра ЭЗ яна далучылася да санкцый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, аднак прадстаўнікі вугорскіх уладаў неаднаразова заяўлялі, што не падтрымліваюць іх.
Папраўкі ў заканадаўства разгледзіць Сейм Літвы. Чакаецца, што яны ўступяць у сілу сёлета 1 жніўня.
Форум