Мінулай вясной Ільля Бохан цалкам адбыў тэрмін і выйшаў на волю, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
«У СІЗА першы час было вельмі складана і страшна. Я не разумеў, дзе знаходжуся. Да мяне ставіліся дрэнна: саджалі ў ШЫЗА, душылі маральна. У калёніі было крыху лепей: я прыняў сытуацыю, крыху прывык да гэтага ўсяго. Ды і там было крыху больш свабоды.
Пасьля вызваленьня спрабаваў адаптавацца ў Беларусі, уладкавацца на працу. Але ніхто ад мяне не адчапіўся: сілавікі ўвесь час прыяжджалі, правяралі мой тэлефон, пагражалі, што вернуць назад у турму. На працу браць не хацелі. Увогуле, я жыў у пастаянным страху.
Таму гэтай вясной я вырашыў выехаць. Ужо 9 красавіка быў у Польшчы. Цяпер жыву ў прытулку ў Варшаве. Хачу пачаць тут новае жыцьцё: легалізавацца, уладкавацца, падвучыць мову, знайсьці добрую працу. Хоць у мяне цяжкая фінансавая сытуацыя, і я адзін у новай краіне, маральны стан добры — адчуваю, што я ў бясьпецы і мне нічога не пагражае».
Для Ільлі Бохана адкрылі збор грошай на падтрымку. Цяпер былы палітвязень плянуе ўладкавацца кіроўцам, а потым адвучыцца і езьдзіць на фуры.
Ільля Бохан пачуў прысуд 21 кастрычніка 2021 году ў Берасьцейскім абласным судзе. Тады яму прысудзілі 3,5 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Бохану ставілася ў віну тое, што ён зламаў дрэва і кінуў у міліцыянтаў алюмініевую бляшанку з-пад энэргетычнага напою. У апошнім слове на судзе Бохан зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне і заявіў, што кахае яе. Далейшы лёс гэтых адносінаў невядомы.
Бохана судзілі ў трэцяй групе абвінавачаных у «пінскай справе». Іх вінавацілі ў шэрагу парушэньняў Крымінальнага кодэксу, а менавіта:
- ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі,
- у закліках дэмантаваць тратуарную плітку,
- закліках «біць сілавікоў»,
- пашкоджаньні маёмасьці,
- кіданьні камянёў, фрагмэнтаў тратуарнай пліткі, палак, бутэлек,
- ударах па сілавіках рукамі і нагамі.
Форум