«Мы, беларусы, паважаем незалежнасьць і сувэрэнітэт Літвы. Мы супраць гістарычнага рэвізіянізму. А спрэчкі паміж беларусамі і літоўцамі — толькі на карысьць рэжыму і Крамля», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская, словы якой «Позірку» перадаў ейны дарадца Франак Вячорка.
Ціханоўская прапанавала падрыхтаваць і падпісаць мэмарандум аб партнэрстве паміж літоўскім Сеймам і дэмакратычнымі сіламі Беларусі:
«Такі мы падпісалі з Эўрапарлямэнтам, прэзыдэнткай Рабэртай Мэтсолай. Гэта будзе моцны сыгнал беларусам — што Літва стаіць на прынцыповых пазыцыях, падтрымлівае дэмакратычную, незалежную і эўрапейскую Беларусь».
Адзначыўшы, што Вільня «праяўляе асаблівае лідэрства» па пытаньні прыцягненьня да адказнасьці саўдзельнікаў рэжыму як у пытаньні санкцый, так і ў міжнародных судах, палітыкіня заклікала ўвесьці пэрсанальныя санкцыі супраць удзельнікаў «кішэннага парлямэнту Лукашэнкі».
Яна таксама лічыць важным «індывідуальна разглядаць» кожны выпадак, зьвязаны зь беларускімі добраахвотнікамі ва Ўкраіне, некаторыя зь якіх «цяпер лічацца пагрозай у Літве з-за мінулай службы ў войску ці дзяржаўных установах».
«Мы ня можам дапусьціць, каб такія людзі, як Васіль Верамейчык, траплялі ў турму. Гэта нашы героі, і яны не павінны станавіцца палоннымі Лукашэнкі», — сказала яна.
Таксама яна папрасіла сяброў дэпутацкай групы «спрыяць інтэграцыі беларускай і літоўскай супольнасьцяў»:
«Беларусы ўдзячныя Літве за гасьціннасьць і бясьпеку, але існуе шэраг праблемаў, дзе неабходная падтрымка Сейма: гэта магчымасьць навучаньня на беларускай мове, навучаньне літоўскай, магчымасьці легалізацыі. Прысутныя тут беларускія калегі маюць шэраг ідэяў і прапановаў», — адзначыла Ціханоўская.
Анатоль Лябедзька: напружанасьць паміж беларусамі і літоўцамі правакуюць спэцслужбы Расеі
Пракамэнтаваць магчымы зьмест мэмарандуму Свабода папрасіла дарадцу Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе Анатоля Лябедзьку.
«На паседжаньні быў і старшыня групы Юозас Олекас, а таксама дэпутаты, якія фармальна не ўваходзяць у групу, напрыклад, кіраўнік камісіі Сейма ў міжнародных пытаньнях спадар Мотузас і адзін з двух дакладчыкаў пры ПАРЭ спадар Зінгерыс. З нашага боку была Сьвятлана Ціханоўская і прадстаўнікі 13 беларускіх арганізацый. Мы дамовіліся, што праект дакумэнту разгледзіць Камітэт у міжнародных пытаньнях, групы і франкцыі. Пасьля дапаўненьняў і карэктываў можна будзе яго падпісваць.
Таксама там ёсьць дакумэнт, у якім наўпрост не прапісанае слова „літвінізм“, але мы і літоўскія дэпутаты згодныя ў думцы, што такія праявы правакуюць спэцслужбы Расеі.
Калі гаварыць пра час, да якога мы бы хацелі падпісаць названыя пагадненьні, дык было б файна падпісаць гэта да 9 жніўня, то бок да гадавіны беларускіх пратэстаў 2020 году».
Лябедзька адзначыў, што гэта добры працяг супрацы з ужо новым складам дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь». Першым этапам было сьвяткаваньне 25 сакавіка з падняцьцем нацыянальнага беларускага сьцяга. Сьвяткаваньне было на афіцыйным узроўні. А затым адбыўся круглы стол з удзелам 80 чалавек, і таксама абмяркоўваліся абмежаваньні, якія абцяжарвалі побыт беларусаў у Літве, што не падабалася беларускім палітыкам. Сярод іншага, адна з прапановаў датычыцца і правоў аўтамабілістаў, яшчэ адна — пра пашырэньне магчымасьцяў асьветы беларускамоўных дзетак.
Іншыя краіны, у парлямэнтах якіх прапануюцца розныя мэмарандумы і пагадненьні зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі — Польшча, Альбанія, Швэцыя і Латвія.
«Што тычыцца так званага „літвінізму“, дык тут пакуль зацішша, але ніхто не гарантуе, што ўсплёск наступіць ізноў. Таму патрэбная супольная заява адказных бакоў, каб потым, у выпадку чарговага абвастрэньня, да яе апэляваць.
Форум