Гульня адбудзецца ў чацьвер, 5 чэрвеня. У Вільні правядуць футбольны матч паміж дэпутатамі Сейму Літвы і камандай Офісу Сьвятланы Ціханоўскай.
«Галоўная мэта — выказаць падтрымку людзям у Беларусі, якія апынуліся за кратамі, бо казалі праўду», — напісаў у сваім тэлеграм-канале Франак Вячорка.
Сустрэча 5 чэрвеня пачнецца а 20:00 у спартовым комплексе пад адрасам Ąžuolyno g. 5 у Вільні. Уваход вольны.
На сёньня ў Беларусі, паводле праваабаронцаў, 1183 палітвязьні, іх большае амаль штотыднёва.
Як заўважаюць праваабаронцы, мноства беларускіх палітвязьняў, у тым ліку з інваліднасьцю ці цяжкавылечнымі хваробамі, знаходзяцца ў жорсткіх умовах. Іх катуюць, адпраўляюць у штрафныя ізалятары, пазбаўляюць званкоў, спатканьняў і перадач, дадаюць тэрмін да ўжо адбытага.
Спартовыя акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі — традыцыйны складнік міжнароднага руху падтрымкі. У красавіку 2021 году футбольны клюб Legia Warszawa выйшаў на матч у футболках з надпісам «Салідарнасьць з вольнымі спартоўцамі Беларусі». Гэтая ініцыятыва ішла ад беларускіх заўзятараў, якія эмігравалі ў Польшчу, і мела на мэце прыцягнуць увагу да рэпрэсіяў супраць беларускіх спартоўцаў. Гэта быў выразны жэст салідарнасьці ад польскага клюбу і яго заўзятараў.
У жніўні 2021 году Фонд спартовай салідарнасьці Беларусі арганізаваў міжнародную дабрачынную акцыю — онлайн-забег «Маратон свабоды». Удзельнікі беглі 2334 мэтры — гэтая лічба сымбалізуе артыкул 23.34, паводле якога былі асуджаныя многія тысячы беларусаў за ўдзел у мірных пратэстах.
Кожны дзень маратону быў прысьвечаны пэўнай групе людзей: 7 жніўня — культурным дзеячам, 8 жніўня — мэдыкам, 9 жніўня — «Новай Беларусі», 10 жніўня — журналістам, 11 жніўня — студэнтам, 12 жніўня — жанчынам, 13 жніўня — працоўным, 14 жніўня — спартоўцам, 15 жніўня — палітвязьням, 16 жніўня – Фонду спартовай салідарнасьці Беларусі.
Гэтыя акцыі мелі міжнародны характар і праходзілі з удзелам іншаземцаў. Напрыклад, у маратоне «Belarus, We Care!» 29 ліпеня 2023 году ўдзельнічалі прадстаўнікі больш за 20 незалежных мэдыя, блогеры, палітыкі, артысты, спартоўцы і грамадзкія актывісты з розных краін. Маратон трансьлявалі розныя YouTube-каналы, усе сабраныя сродкі пайшлі на падтрымку палітвязьняў і іхных сем’яў.
Форум