Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ правёў ператрусы ў дамах удзельнікаў сацыялягічных апытаньняў Беларускай аналітычнай майстэрні, ёсьць затрыманыя


Прафэсар Андрэй Вардамацкі, кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні
Прафэсар Андрэй Вардамацкі, кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні

Беларуская аналітычная майстэрня — незалежная сацыялягічная і аналітычная ініцыятыва, заснаваная ў 2012 годзе ў Варшаве Андрэем Вардамацкім.

У дамах удзельнікаў сацыялягічных апытаньняў Беларускай аналітычнай майстэрні (Варшава), якія жывуць у Беларусі, прайшлі ператрусы, ёсьць затрыманыя. Пра гэта паведамілі «Позірку» дзьве крыніцы, знаёмыя з сытуацыяй.

Рэйды праводзілі супрацоўнікі КДБ.

Паводле інфармацыі крыніцаў, некаторыя грамадзяне маюць статус сьведкаў, як мінімум на аднаго затрыманага заведзена крымінальная справа. Аднаму ўдзельніку апытаньняў удалося выехаць у бязьвізавую краіну.

Падчас ператрусаў канфіскоўвалі тэхніку: кампутары, ноўтбукі, тэлефоны.

Супрацоўнікаў КДБ цікавіла, хто праводзіў сацыялягічныя апытаньні, колькі за гэта плацілі і якім чынам.

22 і 23 траўня прапагандыст тэлеканалу АНТ Ігар Тур у супрацоўніцтве з начальнікам сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцінам Бычакам выпусьціў сюжэты аб тым, як апошні ўдзельнічаў у апытаньні Беларускай аналітычнай майстэрні, назваўшыся супрацоўнікам нафтаперапрацоўчага заводу «Нафтан» у размове з дырэктарам арганізацыі Марынай. Урэшце Бычак назваў сваю рэальную пасаду і заклікаў Марыну Новікаву спыніць займацца экстрэмісцкай дзейнасьцю.

16 траўня КДБ прызнаў «Майстэрню» «экстрэмісцкім фармаваньнем». Яна была ўнесеная ў сьпіс, які вядуць КДБ і МУС, 21 траўня, за дзень да выхаду тэлесюжэту.

Датычнымі да структуры назвалі Андрэя Вардамацкага, Марыну Новікаву і Паўла Вусава.

Беларуская аналітычная майстэрня (БАМ) — незалежная сацыялягічная і аналітычная ініцыятыва, заснаваная ў 2012 годзе ў Варшаве сацыёлягам Вардамацкім. БАМ дасьледуе грамадзкую думку ў Беларусі ў пытаньнях геапалітычнай арыентацыі, палітычных настрояў і інфармацыйных пераваг.

Вардамацкі эміграваў зь Беларусі ў 2010 годзе. Кіраваў прыватнай дасьледчай лябараторыяй аксіямэтрычных дасьледаваньняў «НОВАК». Ён адзін з найбольш аўтарытэтных беларускіх сацыёлягаў. Кандыдат філязофскіх навук (1983), доктар сацыялягічных навук (1992).

У сьпісе «экстрэмісцкіх фармаваньняў» цяпер 288 пазыцыяў. Улады Беларусі выкарыстоўваюць абвінавачаньні ў экстрэмізьме для барацьбы з палітычнымі апанэнтамі.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG