На нафтаправодзе «Дружба» ў Мазырскім раёне адбыўся выцек нафты

Нафтаправод «Дружба»

2 чэрвеня ратавальнікам паступіла інфармацыя аб выцяканьні нафтапрадуктаў магістральнага нафтаправоду Мазыр-Берасьце ААТ «Гомельтранснафта „Дружба“», паблізу населенага пункту Акулінка Мазырскага раёну.

На месца неадкладна выехалі прадстаўнікі Мазырскай раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, Мазырскага РАНС, Праматамнагляду, раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, а таксама Мазырскага раённага выканаўчага камітэту.

Прычыны ўзьнікненьня аварыйнай сытуацыі ўдакладняюцца. Інцыдэнт зьлякалізавалі.

Ратавальнікі гавораць, што разьліву нафтапрадуктаў у водныя аб’екты не адбылося.

Аварыйнай службай ААТ «Гомельтранснафта „Дружба“» праводзяцца аварыйна-аднаўленчыя работы, вядзецца адпампоўка нафтапрадуктаў.

Інспэкцыя арганізавала прыцягненьне аналітычнай лябараторыі ДУ «РЦАК» для вызначэньня плошчы і ступені забруджваньня глебы нафтапрадуктамі. Таксама адбудзецца паседжаньне камісіі ў надзвычайных сытуацыях у Мазырскім райвыканкаме, на ім вызначаць дадатковыя захады ліквідацыі выцеку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэхія ўпершыню стала незалежнай ад паставак расейскай нафты


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома аб пашкоджаньні дронам помпавай станцыі на нафтаправодзе «Дружба» на мяжы зь Беларусьсю