Кабанчук лічыць, што дроны зрабілі рэвалюцыю ў вайсковай справе, як калісьці напачатку 20-стагодзьдзя танкі і самалёты, якія зьявіліся на полі бою.
— Мы можам сказаць, што ўкраінцы правялі ўнікальную апэрацыю, якая абавязкова ўвойдзе ў гістарычныя аналягі і будзе вывучацца. Мы бачым, што на сёньняшні час тэхнічныя магчымасьці фактычна ігнаруюць старыя фронтлайны, і баявыя дзеяньні вядуцца ўжо за 1000 кілямэтраў ад лініі баявога сутыкненьня. Тое, што Ўкраіна нанесла такі ўдар, сьведчыць, што Ўкраіна выходзіць на новыя магчымасьці, актыўна ўжывае новыя тэхналёгіі, і гэта далей будзе прасоўвацца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не сумняваюся, што Лукашэнка даў каманду працаваць над наступным пакаленьнем дронаў», — палітоляг пра беларускі кантэкст «Павуціны»Былы вайсковец адзначае, што гэтая апэрацыя не застаецца без адказу з боку Расеі. Кабанчук нагадвае пра шматлікія штодзённыя абстрэлы Ўкраіны. «Гэта дзьве несупастаныя па рэсурсах дзяржавы, і ўкраінцы робяць вельмі слушна, калі абралі такую стратэгію», — лічыць прадстаўнік АПК.
Вадзім Кабанчук
— Што тычыцца Беларусі, то на самой справе ўкраінскія вайскоўцы разглядаюць паўночны кірунак не як гарачую частку фронту, але гэта фронт. Таму там знаходзіцца значная частка ўкраінскіх сілаў, на ім будуюцца ўвесь час нейкія ўмацаваньні, мінныя палі і гэтак далей. Ну і ўсе выдатна памятаюць, калі было ўварваньне і калі былі атакі з боку Беларусі.
Прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бясьпецы Аб’яднанага пераходнага кабінэту згадвае сёньняшнюю заяву прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага ў Вільні на адкрыцьці сустрэчы лідэраў «Бухарэсцкай дзявяткі» і NATO у Літве. «Спытайце вашу выведку, што РФ плянуе гэтым летам у Беларусі. Калі яны дастаткова сьмелыя, каб рыхтаваць атакі адтуль, то нам трэба больш сілы разам, каб мы маглі спыніць гэту вайну і перадухіліць яе распаўсюджваньне», — сказаў Зяленскі.
«Гэта ўжо не першая згадка Беларусі ў сувязі з вучэньнямі «Захад 2025», — нагадвае Кабанчук.
— Я мяркую, што ў украінскага боку ёсьць пэўная інфармацыя, якая прымушае ўсіх прымаць меры перасьцярогі. Сытуацыя адрозьніваецца тым, што 2025-ы год — гэта ўжо не 2022-і год. Ва Ўкраіны зусім іншыя магчымасьці. Я амаль што ўпэўнены, што калі будзе нейкая эскаляцыя з боку Беларусі ці паўтор сытуацыі накшталт 2022-га года, па Беларусі будзе нанесены ўдар у адказ з боку Ўкраіны. Гэты шлях, які абраў самаабвешчаны Лукашэнка, вядзе да яшчэ большай эскаляцыі і, магчыма, новай рэгіянальнай вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Украіна паказала ўсім, і найперш Лукашэнку як суагрэсару, што яна здольная наносіць такія ўдары», — украінскі палітоляг Магда- 1 чэрвеня стала вядома, што Ўкраіна зьдзейсьніла маштабную адначасовую сэрыю ўдараў бесьпілётнікамі па некалькіх авіябазах у Расеі. Крыніцы ў Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі Ўкраінскай службе Радыё Свабода, што ўкраінскія спэцслужбы правялі апэрацыю «Павуціна» і зьнішчылі больш за 40 расейскіх вайсковых самалётаў, сярод іх А-50, Ту-95 і Ту-22 М3.
- Атаку зьдзейсьнілі з дапамогай бесьпілётнікаў, якія раней на грузавіках завезьлі ў Расею.
- СБУ ацаніла нанесеныя Расеі страты ў ходзе апэрацыі «Павуціна» ў 7 мільярдаў даляраў і заявіла, што пашкодзіла 34% стратэгічных носьбітаў крылатых ракет РФ.
- Міністэрства абароны Расеі назвала атаку на аэрадромы ў Мурманскай, Іркуцкай, Іванаўскай, Разанскай і Амурскай абласьцях «тэрактам». Паводле фармулёўкі ведамства, у Мурманскай і Іркуцкай абласьцях «адбылося ўзгараньне некалькіх адзінак авіяцыйнай тэхнікі».
- Расейскае Мінабароны таксама заявіла пра затрыманьне «некаторых удзельнікаў тэрактаў». Паводле ж СБУ, усе ўдзельнікі спэцапэрацыі знаходзяцца ва Ўкраіне.