У цэнтры Горадні абвалілася сьцяна 125-гадовага дома

Дом на Вялікай Траецкай да рэканструкцыі. Фота ©Mapillary

Раніцай у панядзелак абвалілася сьцяна будынка на Вялікай Траецкай вуліцы ў Горадні, на якім вялася рэканструкцыя. Цэгла праламала агароджу будаўнічай пляцоўкі і высыпалася на праезную частку, паведаміла newgrodno.by.

Гэта адбылося каля 9:20. Ні людзі, ні машыны не пацярпелі.

Два злучаныя дамы — № 31 і № 33 — на Вялікай Траецкай вуліцы ў 2022 годзе выкупіў інвэстар. Паводле апошняга праекту, іх плянавалі аб’яднаць і рэканструяваць пад рэстаран.

Сьпярша тэрмін заканчэньня работ быў у 2024 годзе, потым — у канцы 2025-га.

Гэтыя дамы пабудавалі ў 1900 годзе. Перад рэканструкцыяй абвясьцілі, што яны ў аварыйным стане і іх давядзецца часткова разабраць.

Статусу помнікаў архітэктуры у будынкаў няма, але яны месьцяцца ў гістарычным цэнтры Горадні, які ўвесь прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, піша hrodna.life.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Заслаўі зьнесьлі чарговы дом, які раней быў у сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў