Былы прэзыдэнт Кіргізстану Алмазьбек Атамбаеў знаходзіцца за мяжой, таму яго судзілі завочна, паведаміла Кіргіская служба Радыё Свабода.
Летам 2019 году Алмазьбек Атамбаеў адмовіўся ісьці на допыт аб незаконным вызваленьня злодзея ў законе Азіза Батукаева. 7–8 жніўня 2019 году ў вёсцы Кой-Таш недалёка ад Бішкеку адбыліся сутыкненьні паміж прыхільнікамі Атамбаева і сілавікамі, якія прыехалі, каб даставіць яго на допыт.
Былога прэзыдэнта ўрэшце затрымалі, але падчас сутыкненьняў загінуў 1 чалавек і яшчэ 175 пацярпелі.
Атамбаева абвінавацілі ў
- забойстве,
- арганізацыі беспарадкаў,
- пагрозах прадстаўнікам улады,
- незаконным абароце зброі,
- перашкодзе сьледзтву,
- захопе закладнікаў,
- замаху на забойства,
- незаконным набыцьці зямельных участкаў у Кой-Ташы, дзе ён пабудаваў сабе рэзыдэнцыю, і іншых эпізодах карупцыі.
3 чэрвеня суд пакараў яго 11 гадамі і шасьцю месяцамі зьняволеньня, а таксама сканфіскаваў ягоную маёмасьць і забраў дзяржаўныя ўзнагароды.
Атамбаеў быў прэзыдэнтам Кіргізстану з 2011 да 2017 году.
Акрамя яго, больш за 7 гадоў зьняволеньня атрымалі былы кіраўнік апарату прэзыдэнта і двое дэпутатаў. Аднаго з прыхільнікаў Атамбаева асудзілі на 5 з паловай гадоў.
3–5 гадоў будуць пад наглядам на выпрабавальным тэрміне былы целаахоўнік і прэс-сакратарка Атамбаева, некалькі дэпутатаў і іншых фігурантаў справы.
У чэрвені 2020 году суд у Бішкеку асудзіў Атамбаева на 11 гадоў і 2 месяцы пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці ў справе аб незаконным вызваленьні Батукаева.
У лютым 2023 году гэты ж суд дазволіў Атамбаеву выехаць на лекаваньне ў Гішпанію. Больш Атамбаеў у Кіргізстан не вярнуўся.
Яшчэ адзін асуджаны былы прэзыдэнт Кіргізстану хаваецца ў Беларусі
Яшчэ аднаго былога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева завочна асудзілі на 10 гадоў па справе аб карупцыі.
На радзіме Бакіева абвінавацілі ў цэлым шэрагу злачынстваў і цяпер ён агулам асуджаны ўжо на 30 гадоў зьняволеньня шляхам частковага складаньня пакараньняў у розных абвінавачаньнях.
Бакіева ў выніку рэвалюцыі 7–15 красавіка 2010 году, калі загінулі 87 чалавек, зрынулі, і ён уцёк з Кіргізстану. Цяпер ён разам зь сям’ёй жыве ў Беларусі, атрымаў беларускае грамадзянства. У 2015 годзе ён пабудаваў дом у Менску, які ў 2019 падарыў дачцэ.
Улады Кіргізстану марна патрабуюць яго выдачы.
Форум