Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьезд Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў у тэрміновай заяве запатрабаваў вызваленьня журналістаў з турмаў Беларусі


Людміла Чэкіна і Марына Золатава падчас суду над Tut.by. Менск, 2023 год
Людміла Чэкіна і Марына Золатава падчас суду над Tut.by. Менск, 2023 год

На зьезьдзе Эўрапейскай фэдэрацыі журналістаў (EFJ) у Будапэшце, у якім удзельнічаюць прадстаўнікі БАЖ, ухвалілі тэрміновую заяву аб беларускіх журналістах-палітвязьнях.

Як паведамляе БАЖ, у заяве падкрэсьлена, што з 2020 году ў Беларусі працягваюцца татальныя рэпрэсіі супраць журналістаў і мэдыя. Праца незалежных грамадзка-палітычных рэдакцыяў стала немагчымай з прычыны беспрэцэдэнтнага ціску ўладаў. Дзясяткі рэдакцыяў незалежных СМІ былі вымушаныя пакінуць Беларусь, каб працягваць працу.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае абмяжоўваць доступ да свабоднай інфармацыі. Больш за 2000 грамадзка-палітычных і мэдыйных сайтаў заблякавалі і забаранілі ўлады ў Беларусі. Грамадзяне цярпяць ад рэпрэсіяў нават за факт падпіскі на незалежныя мэдыя ў Інтэрнэце.

У Беларусі ўлады забаранілі працу Беларускай асацыяцыі журналістаў (сябра EFJ), а журналісты нясуць крымінальную адказнасьць за факт удзелу ў БАЖ.

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у Беларусі за кратамі 39 прадстаўнікоў мэдыя: Кацярына Андрэева, Ігар Лосік, Андрэй Аляксандраў, Дзяніс Івашын, Анджэй Пачобут, Марына Золатава, Людміла Чэкіна, Валерыя Касьцюгова, Дзьмітры Наважылаў, Ірына Слаўнікава, Сяргей Сацук, Канстанцін Залатых, Павал Мажэйка, Яўген Меркіс, Дзьмітры Семчанка, Андрэй Фамін, Ларыса Шчыракова, Павел Падабед, Вячаслаў Лазараў, Аляксандар Манцэвіч, Ігар Карней, Алесь Сабалеўскі, Аляксандар Ігнацюк, Яўген Глушкоў, Алесь Марчанка, Вольга Радзівонава, Антон Казельскі, Алена Цімашчук, Даніла Палянскі, Яўген Нікалаевіч, Ігар Ільяш, Сяргей Чабоцька, Руслан Равяка, Алег Супрунюк, Паліна Піткевіч, супрацоўнікі рэдакцыі Intex-press.

«У сувязі з гэтым зьезд EFJ патрабуе ад Беларусі неадкладнага вызваленьня ўсіх зьняволеных журналістаў. Зьезд EFJ заклікае ўсе міжнародныя суб’екты аказаць ціск на ўлады Беларусі з мэтай вызваленьня зьняволеных і спыненьня рэпрэсіяў, а таксама спрыяць стварэньню магчымасьцяў для працягу дзейнасьці незалежных СМІ для беларускага грамадзтва», — гаворыцца ў заяве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG