Ён ужо падзякаваў выбарнікам, паабяцаўшы іх не расчароўваць.
Падлік амаль усіх галасоў паказаў, што Лі падтрымалі больш за 49%. Яго асноўны канкурэнт Кім Мун Су ад кіроўнай кансэрватыўнай партыі «Грамадзянская сіла» атрымаў прыкладна 41%.
Яўка падчас галасаваньня склала крыху больш за 79%, стаўшы найвышэйшай у краіне з 1997 году.
Датэрміновым выбарам папярэднічалі паўгода палітычнай нестабільнасьці і хаосу, зьвязанага з увядзеньнем у краіне на кароткі час ваеннага становішча на загад былога прэзыдэнта Юн Сок Ёля, якому ў выніку быў абвешчаны імпічмэнт.
Перамога Лі Джэ Мёна можа пацягнуць за сабой кардынальныя палітычныя перамены ў чацьвёртай па велічыні эканоміцы Азіі, гаворыцца ў паведамленьні AFP.
У сваю чаргу Associated Press адзначае, што пакуль застаецца незразумелым, ці прывядзе абраньне Лі да сур’ёзных зьменаў у замежнай палітыцы Паўднёвай Карэі. Сам Лі, якога апанэнты абвінавачвалі ў імкненьні зблізіцца з Кітаем і Паўночнай Карэяй на шкоду адносінам з Японіяй і ЗША, ня раз падкрэсьліваў, што саюз Сэулу з Вашынгтонам — аснова яго замежнапалітычнага курсу.
Сярод выклікаў, зь якімі сутыкнецца новы кіраўнік дзяржавы, мэдыя называюць вельмі палярызаванае грамадзтва, занепакоены амэрыканскімі мытамі бізнэс і непрадказальнага хаўрусьніка ў асобе прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
Былы прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль 14 красавіка паўстаў перад судом у справе аб увядзеньні ваеннага становішча.
Раней Юн быў афіцыйна пазбаўлены пасады пасьля таго, як заканадаўцы аб’явілі яму імпічмэнт за спробу 3 сьнежня «падарваць цывільнае кіраваньне, у выніку чаго да парлямэнту былі накіраваныя ўзброеныя салдаты».
Юн Сок Ёль стаў першым дзейным кіраўніком Паўднёвай Карэі, арыштаваным у сувязі з крымінальнай справай супраць яго, хоць пазьней яго вызвалілі з працэсуальных прычынаў. Юн Сок Ёля абвінавачваюць у спробе мяцяжу празь няўдалае абвяшчэньне ваеннага становішча, але каманда ягоных адвакатаў адпрэчыла абвінавачаньні, а былы прэзыдэнт выступіў, каб абараніць сябе.
Экспэрты кажуць, што судовы працэс будзе працяглым. «Першы вэрдыкт, хутчэй за ўсё, вынесуць у жніўні, але справа ўключае каля 70 000 старонак доказаў і паказаньняў шматлікіх сьведак. Такім чынам, калі суд палічыць гэта неабходным, судовы разгляд можа быць падоўжаны», — сказаў AFP адвакат Юн Сок Ёля.
- Юн Сок Ёль стаў першым дзейным прэзыдэнтам сучаснай Паўднёвай Карэі, адпраўленым пад арышт. Трэцяга студзеня сьледчыя не змаглі выканаць ордэр на арышт, бо ім супрацьстаяла служба бясьпекі адхіленага ад улады прэзыдэнта.
- 15 студзеня сьледчыя дзяржаўнага антыкарупцыйнага агенцтва Паўднёвай Карэі з другой спробы арыштавалі Юн Сок Ёля з абвінавачаньнем ў мяцяжы і павезьлі на допыт.
- 18 студзеня суд пастанавіў узяць яго пад варту.
- У лютым палітык падаў апэляцыю ў Цэнтральны акруговы суд Сэулу. Суд стаў на ягоны бок і вызваліў з-пад варты ў пачатку сакавіка, аднак разгляд справы аб мяцяжы працягваецца.
- Тэарэтычна Юн Сок Ёлю за мяцеж на дзяржаўнай пасадзе можа пагражаць нават сьмяротнае пакараньне, але ў Паўднёвай Карэі нікога не караюць сьмерцю ўжо 30 гадоў.
- Трэцяга сьнежня 2024 году на той момант прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёль абʼявіў пра ўвядзеньне ваеннага становішча ў краіне «дзеля барацьбы з унутранымі прыхільнікамі КНДР». Указ забараняў працу палітычных партыяў, пратэсты, страйкі, уводзіў цэнзуру і ваенна-палявыя трыбуналы з правам выносіць сьмяротныя прысуды.
- Указ дзейнічаў шэсьць гадзін і выклікаў маштабныя пратэсты як на вуліцах Сэулу, так і ў парлямэнце.
- Дэпутаты падчас штурму парлямэнту вайскоўцамі прагаласавалі за скасаваньне рашэньня прэзыдэнта. Пасьля гэтага ён паводле закону быў вымушаны скасаваць указ.
- 14 сьнежня 2024 году парлямэнт Паўднёвай Карэі прагаласаваў за імпічмэнт Юн Сок Ёля.