Сёлета Заслаўе адзначыць 1040 гадоў з часу першай згадкі пра яго ў летапісах. Таксама сёлета ў верасьні ўлады вырашылі правесьці ў старажытным горадзе абласныя Дажынкі. З гэтай нагоды пачалі «наводзіць парадак» у цэнтры.
Гісторыка-культурныя каштоўнасьці
29 траўня выданне «Заславль Инфо» апублікавала відэаролік, зьняты чытачом, у якім экскаватар зносіць драўляны будынак на вуліцы Савецкай, 45. Дом пабудаваны ў 1927 годзе каля чыгуначнай станцыі «Беларусь», першай станцыі на тэрыторыі БССР, куды прыбывалі цягнікі з тагачаснай Польшчы. Апавядаюць, што ў міжваенны час у доме жылі памежнікі.
Гэты дом у 1994 годзе быў узяты пад ахову як помнік гісторыі і культуры, у 2007 годзе перанесены ў створаны тады Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. А ў 2014 годзе таемным чынам быў пазбаўлены той аховы — Заслаўе тады рыхтавалася да Дня беларускага пісьменства.
У лютым і сакавіку 2025-га ў гістарычным цэнтры Заслаўя былі зьнішчаныя два драўляныя будынкі пачатку XX стагодзьдзя на рагу Савецкай і Паштовай вуліц. Крама 1912–1914 гадоў пабудовы на вуліцы Савецкай, 34 і карчма 1911–1914 гадоў на Савецкай, 36. Пра гэта паведамляў раней тэлеграм-канал «Спадчына».
Музэй-запаведнік
У 1989 годзе, калі да Беларусі ўжо дайшлі перабудовачныя тэндэнцыі, была прынятая пастанова Савету Міністраў аб стварэньні Музэю-запаведніку «Заслаўе». У 1991 годзе комплекс «Заслаўе» стаў запаведнікам рэспубліканскага значэньня, але абласнога падпарадкаваньня. Стварылі адмысловую групу з дасьведчаных навукоўцаў, каб дасьледаваць вялікую тэрыторыю ў 110 гектараў з жылой забудовай, расказала Свабодзе на ўмовах ананімнасьці экспэртка ў галіне аховы спадчыны Алена (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС).
«У гэтай групе працаваў выбітны навуковец, доктар архітэктуры Сяргей Сергачоў — ён дасьледнік якраз драўлянага дойлідзтва. Былі праведзеныя сур’ёзныя архіўныя, візуальныя ды іншыя дасьледаваньні — гэта некалькі тамоў. Запаведнік зьвярнуўся ў Міністэрства культуры, каб надаць статус тым помнікам жылой забудовы, якія (у адрозьненьне ад гарадзішча, былога Кальвінскага збору і касьцёла), яшчэ не былі прызнаныя гісторыка-культурнымі каштоўнасьцямі.
Вось гэтыя дамкі на Савецкай, што нядаўна зьнесьлі, былі ўключаныя ў комплекс традыцыйнай забудовы Заслаўя, якая мае гістарычнае значэньне. Плюс асобныя дамы на Вакзальнай вуліцы: будынак самой станцыі, вельмі прыгожы. Дом у прыватнай уласнасьці на Рабочай, 18 — вельмі незвычайны, з прыгожымі інтэр’ерамі ХІХ стагодзьдзя. Гэта дом заслаўскага краўца, які быў вельмі вядомы і абшываў усю акругу. І яшчэ дамы на вуліцы Вялікай», — апавядае экспэртка.
Усім пералічаным забудовам была нададзеная 3 катэгорыя (найменшая, рэгіянальнага значэньня. — РС). Акрамя навукова-гістарычнага дасьледаваньня, было праведзена яшчэ і своеасаблівае сацыялягічнае. Каб вызначыць настроі людзей. Бо гэта быў першы беларускі досьвед, калі запаведнік — не музэй пад адкрытым небам, а аб’екты ў жывым асяродзьдзі, дзе шмат праблемаў і людзям ня вельмі камфортна жыць на тэрыторыі з ахоўнымі зонамі. Была створана грамадзкая рада, якая адсочвала сытуацыю.
«З дапамогаю гэтай грамадзкай рады ў горадзе пачысьцілі рэчкі, людзі дамагліся захаваньня ляндшафту пры газыфікацыі. Ня выпрасталі вуліцу Вялікую, а пакінулі такой, як яна была. Гэта абышлося даражэй, але ўлады пайшлі на гэта, бо ў тыя гады мясцовая ўлада яшчэ была выбарнай», — адзначае экспэртка.
У 2005 годзе запаведнік страціў свой рэспубліканскі статус — яго перадалі на балянс мясцовых органаў улады. І паступова чыноўнікі сталі ініцыяваць выключэньне са сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў забудовы, якая была абліччам Заслаўя. Прычым яна знаходзілася ў даволі добрым стане, бо ў гэтых дамах жылі людзі, кажа суразмоўца.
«Дамы ўнікальныя. Старая карчма і аптэка былі неабходныя, каб захаваць твар Заслаўя. Іх незаконна пазбавілі статусу. Да 2017 году рашэньне і аб уключэньні, і аб выключэньні са сьпісу прымала толькі рада Міністэрства культуры. А пасьля ў Кодэкс аб культуры ўнесьлі папраўкі: усе каштоўнасьці трэцяй катэгорыі, то бок рэгіянальнага значэньня, перададзеныя абласным Саветам.
Разьвязалі рукі, і з таго часу пачалося зьнішчэньне гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, асабліва трэцяй катэгорыі, ня толькі ў Заслаўі, а паўсюль», — заўважае экспэртка ў ахове спадчыны.
Помнікі пад пагрозай
З словаў суразмоўцы, знос старых драўляных дамоў у Заслаўі незаконны зь некалькіх прычынаў. Згодна з артыкулам 94 п. 3 Кодэксу аб культуры, выключэньне са сьпісу можа адбыцца ў двух выпадках: калі каштоўнасьць фізычна страчана — напрыклад, развалілася сама ці ў выніку стыхійнага бедзтва. І калі адбылася страта духоўных, мастацкіх, архітэктурных, дакумэнтальных ды іншых вартасьцяў, — тлумачыць адмыслоўца.
«Вы бачылі гэтыя дамы на здымках — яны былі ў нармальным фізычным стане, пакрытыя сайдынгам, іх архітэктурныя, дакумэнтальныя вартасьці ня зьніклі. Да таго ж, рашэньне аб зносе абласная рада можа можа прымаць на падставе навукова абгрунтаванага рашэньня, якое выносяць адмыслоўцы альбо спэцыялісты музэю — а музэй у Заслаўі ёсьць! У яго статуце запісана, што музэй выконвае ахоўныя функцыі. То бок парушаны Кодэкс аб культуры з усіх бакоў», — абураецца экспэртка.
Звычайна, калі здымаюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці, гэта павінна адлюстроўвацца ў базах дадзеных. Ёсьць дзьве такія базы: Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў і Банк зьвестак аб гісторыка-культурнай спадчыне Рэспублікі Беларусь.
«Я адкрыла і той, і гэты сьпісы. Калі было рашэньне аб унясеньні гэтых дамоў у пералік, то павінна быць пазначана пастанова, няважна каго — Міністэрства культуры або Менскага абласнога Савету — аб выключэньні са сьпісу. Але нічога ў базах дадзеных няма: то бок аб’екты проста зьніклі. Аднак інфармацыя ў базе дадзеных павінна заставацца.
Так што ўсе помнікі трэцяй катэгорыі пад пагрозай, і ня толькі ў Заслаўі», — падсумоўвае Алена.
У гарвыканкаме Заслаўя на пытаньні Свабоды аб прычынах зносу старой драўлянай забудовы горада не адказалі.
Форум