Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2025 годзе ў Беларусі рэзка паболела стратных кампаніяў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Белстат палічыў колькасьць стратных кампаніяў у галіне інфармацыі й сувязі. На канец першага кварталу іх аказалася ў шэсьць разоў больш, чым на канец 2024 году.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у студзені–сакавіку ў ІТ і сувязі было 129 стратных кампаніяў. Для параўнаньня, у канцы 2024 году ў галіне працавала толькі 21 стратная кампанія.

Агульныя страты кампаніяў за тры месяцы сёлетняга году вырасьлі ўтрая ў параўнаньні зь першым кварталам леташняга году і склалі амаль 186 млн рублёў. Рэзкі рост колькасьці стратных кампаніяў у галіне назіраецца з пачатку году. Напрыклад, у студзені, паводле Белстату, такіх кампаніяў было 155, а па студзені–лютым яшчэ больш — 164.

Але такія анамальныя лічбы, на думку выданьня devby.io, у меншай ступені зьвязаныя з вынікамі вядзеньня бізнэсу, а ў большай — з мэтадалёгіяй уліку Белстатам фінансавых паказьнікаў кампаніяў.

Анамальны рост колькасьці стратных кампаніяў назіраецца і ў іншых галінах. Напрыклад, у прамысловасьці колькасьць стратных прадпрыемстваў вырасла амаль утрая — з 189 (па 2024 годзе) да 523 (у выніку 1-га кварталу), у будаўніцтве ў 2,5 раза — з 77 да 195.

Фінансава пасьпяховых кампаніяў у ІТ і сувязі таксама хапае, але Белстат не называе іх колькасьці. Праўда, іх чысты прыбытак упаў за першы квартал. У студзені–сакавіку кампаніі сэктару зарабілі 426 млн рублёў чыстага прыбытку — гэта на 11%, або на 50 млн рублёў, менш, чым у студзені–сакавіку 2024 году.

Іншыя фінансавыя паказьнікі

У адрозьненьне ад прыбытку, выручка кампаніяў інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгіяў (ІКТ) пакуль расьце. За першы квартал яна павялічылася на 11,9%. Тым ня менш, паводле росту выручкі сэктар апынуўся за межамі топ-10 асноўных відаў дзейнасьці.

А вось замежныя інвэстыцыі ў ІКТ працягваюць скарачацца. За студзень–сакавік яны ўпалі амаль на 25% — да 152,5 млн даляраў.

Нагадаем, што 2024 год стаў для кампаніяў ІТ і сувязі найгоршым што да прыцягненьня замежных інвэстыцыяў за апошнія 5 гадоў. Кампаніі галіны атрымалі 586,3 млн даляраў замежных інвэстыцыяў (–12% да 2023 году). Упершыню за апошнія 5 гадоў сума інвэстыцыяў была ніжэйшай за 600 млн даляраў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG