Беларус Віталь, які жыве ў Шатляндыі — бубнач панк-гурту The Red Lite District. Ён перапрацаваў па-ангельску верш Янкі Купалы «Ня быць скотам», на які музыкі з Глазга запісалі кліп.
Праўда, у англамоўным апісаньні да роліка ў Youtube верш чамусьці названы польскім: «Гэты пякучы альтэрнатыўны рок-трэк пабудаваны вакол мадыфікаванага польскага верша часоў Другой сусьветнай вайны, які перагукваецца з галасамі прыгнечаных і нагадвае нам пра цану жорсткасьці». Аднак у кліпе выкарыстаныя відэакадры зь беларускіх пратэстаў і бел-чырвона-белы сьцяг.
Гітары і рэфрэны гучаць як баявы покліч, які гэтак жа актуальны цяпер, як і тады, гаворыцца ў апісаньні да кліпу. Тэксты песень «задаюць вечныя пытаньні: хто ты? чаго ты хочаш? Яны адлюстроўваюць жаданьне міру, дому і годнасьці, замест гвалту. Brute ня проста перадае гістарычную тугу; ён ператварае яе ў сучасны выклік».
The Red Lite District — панк-гурт з Глазга, які складаецца з чатырох чалавек. За апошнія пяць гадоў гурт запісаў восем альбомаў. Бубначом у ім грае малады беларус родам з Горадні.
Форум