Кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы плянуе ўзяць удзел у сьвяткаваньні 900-годзьдзя зь дня заснаваньня Спаса-Эўфрасіньнеўскага жаночага манастыра ў Полацку. Урачыстасьці пройдуць 4–5 чэрвеня. Патрыярх правядзе багаслужбы ў Сьвята-Духаўскім саборы Менску і Крыжа-Ўзьвіжанскім саборы манастыра ў Полацку.
Пра гэта дамовіліся на сустрэчы 28 траўня пасол Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў і патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін.
Што варта ведаць пра патрыярха Кірыла:
- Ўладзімір Гундзяеў стаў патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі 27 студзеня 2009 году.
- Будучы мітрапаліт стварыў сабе багацьце на тытунёвым і нафтавым бізнэсе. У 1992 годзе «сьвятар-камэрсант» Гундзяеў адкрыў фінансава-гандлёвую групу «Ника». Кампанія займалася ўвозам тытунёвай прадукцыі пад выглядам гуманітарнай дапамогі — у такім выпадку цыгарэты не абкладаліся мытам.
- Пазьней Кірыл займаўся экспартам нафты, і ў гэтым выпадку ўрад таксама вызваліў яго ад сплаты мыта. На пачатку 2000-х Кірыл выходзіў на рынак як уладальнік кампаніі адлову камчацкіх морапрадуктаў, а ў Калінінградзе ён меў аўтабізнэс.
- Дакладныя памеры ягонага багацьця невядомыя, экспэрты кажуць пра дыяпазон 1,5–4 мільярды даляраў, ня лічачы нерухомасьці і прадметаў раскошы.
- Паводле інфармацыі The New Times, у 2002 годзе Кірыл набыў пэнтхаўз зь відам на храм Хрыста Збаўцы. Ягоная сталая жылая рэзыдэнцыя — палац у Перадзелкіне, дзеля якога зьнесьлі некалькі дамоў мясцовых жыхароў. Таксама ён мае рэзыдэнцыі ў Патрыяршых палатах Крамля, у Чыстым завулку Масквы, у Геленджыку і на Валааме. У той жа час у калядным пасланьні 2020 году патрыярх Кірыл заклікаў вернікаў адмовіцца ад камфорту як найвышэйшай каштоўнасьці.
- У базе Фэдэральнай падатковай службы (ФНС) патрыярх Кірыл зарэгістраваны пад псэўданімам «Іван Захаравіч Прохараў», даведалася «Сыстэма» — расьсьледніцкі праект «Настоящего времени» і Радыё Свабода. Сакрэтнае падатковае імя звычайна выкарыстоўваюць чыноўнікі і сілавікі, каб схаваць маёмасьць.
- Праваабаронцы, якія вывучылі адпаведныя дакумэнты, сьцьвярджаюць, што ўладыка Кірыл доўгія гады быў агентам КДБ зь мянушкай «Міхайлаў». У 2003 годзе сябра Маскоўскай Хэльсынскай групы сьвятар Георгій Эдэльштэйн накіраваў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну ліст, у якім абвінавачваў мітрапаліта Кірыла ў сувязях з КДБ.
- Патрыярх Кірыл адкрыта падтрымлівае расейскую агрэсію ва Ўкраіне. Летась удзельнікі расейскага народнага сабору пад ягоным старшынствам назвалі расейскае ўварваньне ва Ўкраіну «сьвяшчэннай вайной», падчас якой Масква абараняе сьвет ад «захаду, які ўпаў у сатанізм».
- Кірыл двойчы быў у Беларусі: у 2012 і 2018. У 2018 ён назваў Беларусь часткай «нашай зямлі»: «Белая Русь — гэта асаблівая частка гістарычнай Русі. Тут з глыбокай старажытнасьці цёплы агонь праваслаўнай веры. Таму Белая Русь зьвязаная з самымі вытокамі праваслаўнай веры на нашай зямлі».
Форум