Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі тур выбараў прэзыдэнта Польшчы. Хто кандыдаты і якія ў іх шанцы?


Перадвыбарчыя плякаты на вуліцах польскіх гарадоў
Перадвыбарчыя плякаты на вуліцах польскіх гарадоў

1 чэрвеня адбудзецца другі тур прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы. Свабода пералічвае асноўныя моманты сытуацыі перад галасаваньнем.

У першы дзень чэрвеня палякі будуць выбіраць прэзыдэнта. Разам з прэм’ер-міністрам гэта найважнейшая пасада ў дзяржаве.

18 траўня адбыўся першы тур, у якім бралі ўдзел 13 кандыдатаў.

У другі тур выйшлі лібэральны мэр Варшавы, прадстаўнік партыі ўлады «Грамадзянская плятформа» Рафал Тшаскоўскі і афіцыйна незалежны кандыдат, якога на выбарах цалкам падтрымала апазыцыйная кансэрватыўная партыя «Права і справядлівасьць» (ПіС), кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі.

У першым туры Тшаскоўскі набраў 31,36% галасоў, Наўроцкі — 29,54%, Славомір Мэнцэн — 14,81%. Менавіта электарат трэцяга кандыдата можа вызначыць вынік другога туру. Многія думалі, што Мэнцэн як ультраправы падтрымае бліжэйшага яму Наўроцкага, аднак той, нягледзячы на крытыку ў бок Тшаскоўскага, гэтага не зрабіў. Ён ня раз крытыкаваў ПіС, Наўроцкага і прыхільнікаў гэтых сілаў, вінаваціў іх у імкненьні да ўлады бязь зьмены палітычных падыходаў.

Што кажуць сацыялягічныя апытаньні

Перад друім тураў выбараў-2025 цэнтар Ipsos на замову OKO.press правёў новае апытаньне. Ягоныя вынікі сьведчаць, што Рафал Тшаскоўскі зусім нязначна апярэджвае Караля Наўроцкага. 48% удзельнікаў апытаньня заявілі, што будуць галасаваць за мэра сталіцы, а 47% — за кіраўніка Інстытуту нацыянальнай памяці. Разам з тым 5% удзельнікаў апытаньня адзначылі, што яшчэ ня вызначыліся з сваім выбарам.

78% прыхільнікаў лідэра праварадыкальнай «Канфэдэрацыі» Мэнцэна заяўляюць пра гатовасьць прагаласаваць у другім туры за Наўроцкага, толькі 8% заявілі, што будуць галасаваць за Тшаскоўскага.

Тым людзям, якія канчаткова ня выбралі сабе кандыдата, задалі дадатковае пытаньне. 25% з гэтай групы заявілі, што схіляюцца да кандыдатуры Тшаскоўскага, а 11% дакладна выключаюць магчымасьць галасаваньня за Наўроцкага. 9% заявілі, што дакладна не прагаласуюць за Тшаскоўскага.

Хто такі Рафал Тшаскоўскі

Рафал Тшаскоўскі з жонкай Малгажатай на перадвыбарчым сходзе ў Плоцку
Рафал Тшаскоўскі з жонкай Малгажатай на перадвыбарчым сходзе ў Плоцку

Апанэнт Рафала Тшаскоўскага Караль Наўроцкі рэгулярна вінаваціць яго ў непасьлядоўнасьці. Напрыклад, у тым, што пры ўладзе ПіС Тшаскоўскі выступаў за прыём мігрантаў, а калі ўладу пераняла ягоная партыя, падтрымаў Дональда Туска ў пытаньні ўзмацненьня кантролю на польска-беларускай мяжы.

Тшаскоўскі адбівае закіды заявай пра тое, што «Польшча ўжо выканала свае міжнародныя абавязаньні ў справе прыёму мігрантаў». Тшаскоўскі адкрыта падтрымлівае Ўкраіну і называе рэжымы Пуціна і Лукашэнкі злачыннымі.

«Мне выпаў гонар прымаць Сьвятлану Ціханоўскую ў сталічнай ратушы. Мы пагаварылі аб справе Анджэя Пачобута, аб супрацы і падтрыманьні беларускіх арганізацыяў, якія дзейнічаюць у Варшаве», — гаварыў Тшаскоўскі пасьля сустрэчы зь Ціханоўскай у студзені 2024 году.

Палітык пастаянна падкрэсьлівае, што папярэднія ўлады «раздавалі візы направа і налева», не турбуючыся пра бясьпеку польскай дзяржавы. Ён адзначае, што Польшча надалей мусіць падтрымліваць Украіну, умацоўваць войска і дачыненьні з Эўрапейскім Зьвязам.

Беларусаў палітык падтрымаў яшчэ ў 2020-м, калі людзі ў Менску і іншых гарадах выйшлі на вуліцы пратэставаць супраць дыктатуры Лукашэнкі.

Хто такі Караль Наўроцкі

Караль Наўроцкі вітае прыхільнікаў на маршы ў Варшаве
Караль Наўроцкі вітае прыхільнікаў на маршы ў Варшаве

Караль Наўроцкі працуе ў Інстытуце нацыянальнай памяці і займаецца тэмай злачынстваў супраць польскага народу. Акрамя таго, ён аўтар кніг пра гісторыю свайго роднага футбольнага клюбу — «Лехія» (Гданьск). Наўроцкага падтрымліваюць Ярослаў Качыньскі і ягоная партыя «Права і Справядлівасьць», але афіцыйна на выбарах Наўроцкі рэпрэзэнтуе сам сябе.

З Наўроцкім зьвязаны адзін з найбольшых скандалаў цяперашняй выбарчай кампаніі. 11 траўня канал Polsat News паказаў матэрыял журналісцкага расьсьледаваньня, у якім расказаў пра пагадненьне палітыка з уладальнікам кватэры ў Варшаве, якога ў матэрыяле завуць проста «панам Ежы». Мужчына быў падапечным прытулку для старых людзей у Гданьску. Ён падпісаў з Наўроцкім пагадненьне, згодна зь якім палітык абавязваўся выплаціць камунальныя даўгі пана Ежы, даглядаць старога і па сьмерці забясьпечыць яму годнае пахаваньне.

Штаб Тшаскоўскага адразу абвінаваціў Наўроцкага ў тым, што палітык скарыстаўся нямогласьцю старога мужчыны, каб завалодаць жыльлёвай плошчай у Варшаве. Акрамя таго, высьветлілася, што пан Ежы быў на ўтрыманьні дзяржаўнай арганізацыі. Штаб Наўроцкага ў адказ абвінаваціў Тшаскоўскага як мэра Варшавы ў тым, што той «выкінуў 40 сем’яў з цэнтру гораду, абяцаючы рамонт», але ня выканаў сваіх абяцаньняў. Пасьля выкрыцьця зьвестак пра кватэру, аднак, Наўроцкі заявіў, што перадасьць яе на «дабрачынныя мэты».

На пытаньнях расейска-ўкраінскай вайны Наўроцкі засяроджваецца мала, пераважна крытыкуе Тускаў урад за «глябальныя» правалы ў эканоміцы і кепскую сацыяльную палітыку. У час дэбатаў ён адзначаў, што знаходзіцца ў расейскім вышуку за дасьледаваньні «Катынскага забойства» польскіх афіцэраў, таму лічыць абсурднымі ўсе абвінавачаньні ў прарасейскасьці. Пры гэтым у пытаньні Ўкраіны Наўроцкі дастаткова стрыманы: адзначае, што падтрымліваў бы Ўкраіну больш, калі б Кіеў дазволіў эксгумацыю польскіх ахвяраў УПА і ня дзейнічаў «агрэсіўна» ў пытаньні экспарту збожжа, якое, паводле яго словаў, пазбаўляе польскіх фэрмэраў справядлівай канкурэнцыі. Эксгумацыю польскіх ахвяраў Валыні ўкраінскія ўлады апошнім часам аднавілі.

Пра Беларусь апошнім часам Наўроцкі выказваецца толькі ў межах тэмы абароненасьці дзяржаўнай мяжы ад нелегальных мігрантаў, якія штурмуюць памежныя рэдуты з тэрыторыі Беларусі. Ён ня лічыць рэжымы Пуціна і Лукашэнкі дэмакратычнымі і называе Польшчу «шчытом Эўропы». Урад Туска і ягоную партыю Наўроцкі ня раз вінаваціў у «абароне нямецкіх інтарэсаў», такія самыя абвінавачаньні раней гучалі з вуснаў дзеячоў ПіС. Цягам 100 дзён ад выбраньня прэзыдэнтам краіны Наўроцкі абяцае на траціну зьнізіць цэны на электрычнасьць.

Чаго чакаць і што гавораць прагнозы?

Прэзыдэнт Польшчы абіраецца на пяць гадоў, уплывае на замежную палітыку, прызначае ўрад і мае статус галоўнага вайскавода. Кіраўнік выканаўчай улады ў Польшчы — прэмʼер-міністар.

Пры перамозе Наўроцкага магчымыя датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Яго шанцы можа ўзмацніць падтрымка электарату Мэнцэна, які заняў трэцяе месца. Але застаецца пытаньне, наколькі вялікай можа быць гэтая падтрымка. Наўроцкі сымпатызуе Трампу і крытыкуе ўкраінскіх уцекачоў, адзначаюць польскія СМІ.

Тшаскоўскі ўжо даходзіў да другога туру на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах, але ў 2020 зь невялікім адставаньнем ён саступіў цяперашняму прэзыдэнту Анджэю Дуду, прадстаўніку ПіС. Тады мэр Варшавы набраў 48,97% галасоў, а ягоны супернік 51,03%. Гэта былі адны з найбольш непрадказальных і вострых выбараў у Эўропе за апошнія дзесяцігодзьдзі.

Як у першым туры галасавалі палякі ў Беларусі?

99 чалавек прынялі ўдзел у выбарах прэзыдэнта Польшчы на тэрыторыі Беларусі, такія лічбы падала Дзяржаўная выбарчая камісія Польшчы.

Больш за ўсіх галасоў атрымаў Рафал Тшаскоўскі — 30,3%. Караль Наўроцкі і прадстаўнік «Канфэдэрацыі» Славомір Мэнцэн набралі на ўчастку па 20,2%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG